НЕЙРО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя будовы, развіцця і функцый нерв. сістэмы; прыватны выпадак клетачнай тэорыі. Аснова Н.т. — прызнанне анат. адасобленасці структурнай адзінкі нерв. сістэмы — нейрона, яго генет. самастойнасці і функцыян. спецыфічнасці. Абгрунтавана на мяжы 20 ст. працамі ісп. вучонага С.Рамона-і-Кахаля і Ч.С.Шэрынгтана. Доказы поўнай структурнай адасобленасці нерв. клетак атрыманы з дапамогай электроннага мікраскопа, які даў магчымасць устанавіць, што кожны нейрон абкружаны мембранай і паміж мембранамі асобных клетак ёсць свабодныя поласці. Да гэтага часу нерв. сістэма разглядалася як бесперапынны пераход клетачнага рэчыва аднаго нейрона ў другі з утварэннем адзінай цытаплазматычнай сеткі.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)